МАКАРО́ННЫЯ ВЫ́РАБЫ,

харчовыя вырабы з прэснага, замешанага на вадзе і высушанага да вільготнасці 12,5—13% пшанічнага цеста. Да іх адносяцца макарона, вермішэль, локшына, фігурныя вырабы (ракавінкі, зорачкі) і інш. Вырабляюць з мукі вышэйшых гатункаў, якая багата пратэінамі. Вызначаюцца добрым смакам, высокай пажыўнасцю і каларыйнасцю (1,5 кДж на 100 г М.в.), лёгкасцю прыгатавання; доўга захоўваюцца без страты пажыўных і смакавых якасцей. Гл. таксама Макаронная прамысловасць.

т. 9, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)